БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,

аматарская тэатральная студыя ў Вільні. Існавала ў 1922—25 (юрыдычна аформлена ў 1924). Мела на мэце папулярызацыю бел. тэатр. культуры ў Зах. Беларусі, стварэнне асновы для прафес. тэатра. Кіраўнікі М.​Красінскі, А.​Канчэўскі, А.​Міхалевіч, Л.​Родзевіч. Удзельнікі — навучэнцы і настаўнікі Віленскай бел. гімназіі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі. Работа па падрыхтоўцы спектакляў спалучалася з тэарэт. заняткамі па гісторыі тэатра, майстэрстве акцёра і інш. Наладжваліся спектаклі ў вёсках. У рэпертуары: «На папасе» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Рысь» («У зімовы вечар») паводле Э.​Ажэшкі, «Лес шуміць» паводле У.​Караленкі, «Апошняе спатканне» У.​Галубка. Для паказаў выкарыстоўвалася форма беларускіх вечарынак.

Літ.:

Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969. С. 21—28, 82—83, 94—96.

А.​А.​Лабовіч.

Праграма Беларускай драматычнай майстроўні.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)